Новости проекта
Подписывайтесь на нас ВКонтакте!
Как восстановить доступ к сайту?
УЧ.IT.ЕЛЬ | Образовательный веб-квест
Временные перебои в работе с платежами
Голосование
Как Вам новый сайт?
Всего 62 человека

Народный историко-краеведческий музей

Дата: 10 февраля 2016 в 21:29, Обновлено 18 сентября в 12:52
Автор: Лопато А. С.

Народны гісторыка-краязнаўчы музей

"Гісторыя вёскі Вялікія Навасёлкі"

Дзяржаўнай установы адукацыі "Навасёлкаўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа Дзяржынскага раёна"

Гісторыка-краязнаўчы музей Навасёлкаўскай сярэдняй школы быў адкрыты 19 красавіка 1969 года ( загад № 52 ад 18 красавіка 1969 года). Вялікі ўклад у заснаванне і развіццё музея зрабіў яго шматгадовы кіраўнік Лявон Іванавіч Ермаловіч.

У 2008-2010 гадах праводзілася рэканструкцыя музея, галоўны ўдзел у якой прынялі тагачасныя кіраўнік музея Вячаслаў Уладзіміравіч Кавалеўскі і дырэктар школы Святлана Віктараўна Ганчар. Рашэннем калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 13 снежня 2010 года № 149 музею было прысвоена званне “народны”.

У 2012 годзе быў заснаваны пакой “Дружбы народаў”, прысвечаны сяброўскім адносінам паміж Дзяржынскім раёнам Мінскай вобласці Беларусі і Ціхвінскім раёнам Ленінградскай вобласці Расіі.

У 2013 годзе была выдадзена кніга “Навасёлкаўскі край” аўтарства В.У. Кавалеўскага, дзе сабраны звесткі пра мінулае і сучаснасць Вялікіх Навасёлак і суседніх вёсак. 

Цяпер музей займае 5 экспазіцыйных пакояў агульнай плошчай 104 метры квадратныя. Згодна з інвентарнымі кнігамі, у музеі налічваецца 957 экспанатаў асноўнага фонду і 61 экспанат навукова-дапаможнага фонду.

Экспазіцыя музея складаецца з 9 раздзелаў:

Прырода роднага краю

У раздзеле знаходзяцца пудзілы аленя,  вожыка, янотападобнага сабакі.  

Этнаграфічны раздзел

Раздзел знаёміць з прадметамі быту, элементамі вопраткі, традыцыямі народа. Тут сабраны рэчы, звыклыя для вясковай хаты канца XIX – пачатку XX стагоддзяў: калаўрот, даматканыя ручнікі, верацёны, кудзеля, гліняныя збаны, лапці, калыска, жалезныя прасы, дзежы, чыгуны, вілкі, жорны, саламяныя павукі-абярэгі і шмат іншага.  Найбольш каштоўнымі экспанатамі з’яўляюцца кросны ў працоўным стане, манекен з палескім жаночым строем. У насценнай вітрыне прадстаўлены археалагічныя знаходкі: каменныя сякеры, рэшткі глінянага посуду.

 

Гісторыя вёскі

Раздзел раскрывае паходжанне Навасёлак,  знаёміць з іх заснавальнікамі шляхціцамі Кастравіцкімі, а таксама з двума знакамітымі прадстаўнікамі роду Кастравіцкіх – паэтамі Карусём Каганцом і Гіёмам Апалінэрам. Аздобаю раздзела з’яўляецца радаводнае дрэва Кастравіцкіх.

На наступных стэндах прадстаўлена гісторыя арганізавання калгасаў, часы беспадстаўных рэпрэсій, звесткі пра сучасныя прадпрыемствы і ўстановы вёскі. Сцены ўпрыгожваюць карціны Л. Асядоўскага “Уганараванне перадавікоў”, дзе можна пазнаць шматлікіх навасёлкаўцаў, “Навасёлкаўскія краявіды”. Значную частку раздзела займае гіпсавы бюст мясцовага калгасніка-перадавіка Сядуры. Тут захоўваюцца падшыўкі газет “Іскра” і “Сцяг Кастрычніка” за 1963-1967 гады, школьны радыёвузел, друкавальная машынка “Ундэрвуд”. Дапаўняюць раздзел калекцыі грашовых знакаў царскай Расіі, Польшчы, савецкія і беларускія грошы. Асаблівай увагі заслугоўваюць арыгіналы пасведчанняў аб заканчэнні суседняй гаруцішскай царкоўна-прыходскай школы, выдадзеныя напачатку XX стагоддзя.


                

Раздзел Вялікай Айчыннай вайны

У раздзеле, прысвечаным Вялікай Айчыннай вайне, знаходзіцца інсталяцыя спаленай вёскі: языкі полымя абвіваюць бярвенне, калючы дрот агароджы. Два стэнды прэзентуюць навасёлкаўскае падполле і партызанкі рух. Тут сабраныя выявы землякоў, у тым ліку настаўнікаў навасёлкаўскай школы, якія прымалі ўдзел у ваенных дзеяннях. За вітрынамі захоўваюцца асабістыя рэчы партызанаў: галаўныя ўборы, сумкі, кабура, палявы тэлефон і іншае. Можна пабачыць салдацкія каскі, пілоткі, гільзы, фляжкі, фільтр процівагаза, скрыню для патронаў, шынель і боты. На карціне Ул. Пасюкевіча “Баявое заданне”, што займае амаль усю сцяну пакоя, змешчаны сярод іншых тутэйшыя настаўнікі – актыўныя партызаны альбо падпольшчыкі. Адзін з іх, Лявон Іванавіч Ермаловіч, заснаваў наш музей.

   

“Яны змагаліся на франтах…”

Гэты раздзел працягвае папярэдні. На стэндзе размешчаны выявы землякоў-ветэранаў вайны. Розны лёс напаткаў іх. Адным пашчасціла вярнуцца дадому, другія – доўгі шэраг іх імёнаў пералічаны на чорным тле - загінулі на франтах. За вітрынамі знаходзяцца іх лісты, паштовыя карткі, пасведчанні, знакі, медалі, ваенныя білеты. Тут захоўваецца свяшчэнная зямля з Тулы, Керчы, Новарасійска, Севастопаля і Брэсцкай крэпасці, а таксама кавалак хлеба, спечаны па тэхналогіі, якую прымянялі ў блакадным Ленінградзе. Далей раздзел знаёміць гледачоў з двума Героямі Савецкага Саюза, выхадцамі тутэйшай зямлі – Міхаілам Міхайлавічам Гармазой і Антонам Іосіфавічам Гурыным. Мноства фотаздымкаў – асабістых і сямейных, граматы дазваляюць скласці ўяўленне пра іх жыццё і службу.

 

Знакамітыя людзі нашага краю

Раздзел “Знакамітыя людзі нашага краю” ўяўляе сабою два стэнды, на якіх размешчаны выявы тутэйшых жыхароў, якія сваімі дасягненнямі ў розных сферах заслужылі на гонар і памяць ад нашчадкаў. Прадстаўлена тут сузор’е братоў Ермаловічаў: гісторык Мікола Ермаловіч, акцёр Валянцін Ермаловіч і партызан, настаўнік і заснавальнік нашага музея Лявон  Ермаловіч нарадзіліся ў суседніх Малых Навасёлках. Акцёр Уладзімір Крыловіч, каардынатар міжнароднага праекта “ЮНЭСКА-Чарнобыль”, дырэктар праграмы “Маці і дзіця” міжнароднай грамадскай арганізацыі “Надзея-экспрэс” Людміла Собаль, навуковец Іван Цыркун, дырэктар школы Віктар Навіцкі, паэтэса Ніна Жыбрык, дырэктар школы, кіраўнік музея і аўтар кнігі “Навасёлкаўскі край” Вячаслаў Кавалеўскі… – іх абліччы ды імёны знаёмыя не толькі землякам. Захоўваюцца тут фотаздымкі знакамітых землякоў, кнігі, успаміны, нават партфель і акуляры Міколы Ермаловіча былі перададзены ў музей.

Гісторыя школы

Раздзел “Гісторыя школы” знаёміць з дырэктарамі і настаўнікамі навасёлкаўскай школы ад часу заснавання ў 1923 годзе і да сёння. Паказаны выявы школаў розных часоў – ад колішняй наёмнай сялянскай хаты да сучаснага будынка, пабудаванага ў 1980 годзе. Тут сабрана амаль паўсотні фотаздымкаў выпускных класаў, ёсць вучнёўскі дзённік, мноства альбомаў, што прэзентуюць школьнае жыццё, летапіс навасёлкаўскай школы. Дапаўняюць раздзел піянерскія гальштук, сцяжок, пілотка, сцяжок акцябрат, камсамольскае знамя.

На стэндзе “Мы родам з Навасёлкаўскай школы” прадстаўлены выпускнікі, якія цяпер займаюць кіраўнічыя пасады ў Дзяржынскім раёне, выбітныя настаўнікі, знакаміты садоўнік Уладзімір Крыловіч, удзельнікі вайны ў Афганістане. 

Падарункі музею

У раздзеле “Падарункі музею” сабраны памяткі ад удзячных наведвальнікаў: кнігі, сувеніры, пано, статуэткі.

Раздзел “Дружба народаў”

У раздзеле “Дружба народаў” захоўваюцца сведчанні сяброўскіх адносінаў паміж Дзяржынскім раёнам Мінскай вобласці Беларусі і Ціхвінскім раёнам Ленінградскай вобласці Расіі: фотаздымкі з узаемных візітаў і экскурсій, кнігі, газеты, пано і плакаты. Госці з Ціхвіну – вучні і настаўнікі – завіталі ў наш музей і ўлетку 2015 года, пераадолеўшы няблізкі шлях, каб зведаць адметныя мясціны і помнікі гісторыі Дзяржыншчыны.                  

Галоўныя напрамкі дзейнасці музея: экскурсійная, экспазіцыйная, масавая і пошукавая работа.

Асноўная дзейнасць ажыццяўляецца праз правядзенне экскурсій:

Аглядная экскурсія:

Наш край.

Тэматычныя экскурсіі:

Прырода роднага краю.

Беларуская хатка.

Кастравіцкія - заснавальнікі Навасёлак.

Гісторыя маёнтка ў Вялікіх Навасёлках.

Міхаіл Пушчын.

Паўстанне Каліноўскага. Лісты з турмы.

Малыя Навасёлкі.

Карусь Каганец.

Гіём Апалінэр.

Пачатак Вялікай Айчыннай вайны.

Навасёлкаўскае падполле.

Партызанскі рух.

Карціны М. Савіцкага.

Група 117.

Антон Іосіфавіч Гурын – Герой Савецкага Саюза.

Міхаіл Міхайлавіч Гармаза – Герой Савецкага Саюза.

Нашы землякі на франтах.

Марыя Іосіфаўна Гурына.

Знакамітыя людзі нашага краю.

Мікола Ермаловіч.

Ніна Іосіфаўна Жыбрык.

Віктар Антонавіч Навіцкі.

Гісторыя Навасёлкаўскай школы.

Выпускнікі школы.

Дружба народаў.

Адрас музея:

222740 Мінская вобласць, Дзяржынскі раён, в. Вялікія Навасёлкі,

вул. Заводская, 10. Тэл.(801716)91929

novoselki@schoolnet.by

Кіраўнік музея:

Басарэўская Алена Васільеўна

Кіраўнік установы адукацыі:

Арлоўская Алена Алегаўна

Комментарии:
Оставлять комментарии могут только авторизованные посетители.